ШАЛУХОЎКА − былая вёска ў Высакаборскім сельсавеце, за 23 км на пащночны ўсход ад Краснаполля, 132 км ад Магілёва, 43 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў-Сураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На поўдні бярэ пачатак р. Палуж (прыток р. Беседзь). Транспартныя сувязі на мясцовай дарозе і далей па шашы Хоцімск-Краснаполле.
Вядома паводле пісьмовых крыніц з 18 стагоддзя.
У 1777 г. вёска ў Чэрыкаўскай акрузе Магілёўскай губерні.
Памешчык меў тут у 1874 г. 152 дзесяціны зямлі і карчму.
У 1858 г. у Чэрыкаўскім павеце, 50 рэвізскіх душ, мелася карчма.
У 1880 г. 13 двароў, 116 жыхароў, 9 вяскоўцаў займаліся колёсным промыслам.
У 1897 г. ў Брацькавіцкай воласці Чэрыкаўскага павета, 20 двароў, 167 жыхароў. У аднайменным фальварку, што быў побач, 1 двор, 7 жыхароў.
У 1909 г. у вёсцы 24 двары, 178 жыхароў, у фальварку 1 двор, 6 жыхароў. Меўся вятрак.
У 1926 г. 26 двароў, 155 жыхароў. У 1930 г. арганізаваны калгас «На варце», які у 1932 г. аб’ядноўваў 6 гаспадарак.
У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30.09.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1986 г. 16 гаспадарак, 33 жыхары, у складзе саўгаса «Краснапольскі» (цэнтр − былая в. Высокі Борак). Ад амаль прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захада на паўднёвы ўсход, адыходзіла на поўдзень другая, кароткая вуліца.
Пасля катастрофы 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.